Як аб'яднаць юбілейную дату з методыкай, або дызайн-сесія як новы фармат абмену педагагічным вопытам

21.12.2022

21 снежня 2022 года Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі вітаў удзельнікаў абласной метадычнай дызайн-сесіі, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У адпаведнасці з планам работы інстытута адбылося новафарматнае навукова-практычнае мерапрыемства, якое аб’яднала педагогаў Віцебскай вобласці для абмеркавання прадметна-метадычных аспектаў вывучэння жыцця і творчасці Я.Купалы і Я. Коласа ў школьнай праграме.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся Вольга Віктараўна Лапацінская, рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Святлана Васільеўна Мартынкевіч, дацэнт кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі ВАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, Антон Генадзьевіч Арцямёнак, метадыст цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі вучнямі ВАІРА.

Педагагічная дызайн-сесія — фармат па распрацоўцы інавацыйных адукацыйных ідэй для рашэння складаных праблем, у аснове якога ляжаць творчы падыход і арыентацыя на запыты настаўнікаў. Сутнасць правядзення дызайн-сесіі гучыць так: ад метадычнай праблемы да дзейснай практыкі — і заключаецца ў атрыманні і пераасэнсаванні інфармацыі, генерыраванні ідэй для таго, каб выбраць аптымальны шлях (шляхі) для стварэння ўласнага метадычнага прадукту.

Праблемнае поле дызайн-сесіі ахоплівала наступнае кола пытанняў:

сучасныя падыходы ў школьным вывучэнні беларускай літаратуры ХІХ-ХХ стагоддзя;

вывучэнне хрэстаматыйных твораў Я. Купалы і Я. Коласа з пазіцыі сучаснай сацыякультурнай сітуацыі;

метадычныя аспекты актуалізацыі вывучэння творчасці Я. Купалы і Я. Коласа (з вопыту работы);

міжпрадметныя падыходы да вывучэння творчасці Я. Купалы і Я. Коласа (з вопыту работы);

інтэграцыя метадаў і навейшых тэхналогій пры вывучэнні твораў Я. Купалы і Я. Коласа (з вопыту работы).

У пасяджэнні круглага стала ўзялі ўдзел:

Вольга Васільеўна Сіроціна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 16 г. Полацка» («Творы Янкі Купалы і Якуба Коласа як сродак фарміравання маральнай культуры вучняў»);

Анастасія Мікалаеўна Кухта, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Крулеўшчынская сярэдняя школа Докшыцкага раёна імя І.П. Ціткова» («Міжпрадметны падыход да вывучэння творчасці Я. Купалы і Я. Коласа»);

Таццяна Іванаўна Танкавід, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Альгоўская базавая школа Віцебскага раёна» («Свята Мядовы Спас як паказчык культурнай традыцыі беларускага народа»);

Ксенія Бондарава і Аляксандра Марозава, вучаніцы Х «Б» профільнага класа педагагічнай накіраванасці ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Віцебска» («Псеўданімы К.М. Міцкевіча і І.Д. Луцэвіча»);

Ірына Уладзіміраўна Шаўчэнка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Асвейская сярэдняя школа Верхнядзвінскага раёна» («Выкарыстанне сродкаў візуалізацыі пры вывучэнні твораў Я. Купалы і Я. Коласа для развіцця творчых здольнасцей вучняў»);

Наталля Мікалаеўна Пліско, настаўнік ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Оршы» («Сучасныя падыходы да выкладання школьнага курса беларускай літаратуры XIX-XX стагоддзя»).

Заняткі воркшопамі (сучасныя педагагічныя майстэрні, якія дазволяць удасканаліць уменні стварэння пэўнага метадычнага прадукту) адбыліся на дзвюх пляцоўках: «Інтэграцыя метадаў і навейшых тэхналогій пры вывучэнні твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа на ўроках беларускай літаратуры ў VII класе» і «Адвент-каляндар як форма арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў». Праца Мацарскай Алены Анатольеўны, настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Новалукомля імя Ф.Ф. Дуброўскага», Гвоздзевай Сняжаны Генадзьеўны, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніка настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Талачына імя М.П. Лугоўскага», атрымалі станоўчыя водгукі і высокую адзнаку за практыкаарыентаваны падыход прадстаўленага майстар-класа, метадычную кампетэнтнасць у выкарыстанні тэхнік візуалізацыі.

Удзел у дызайн-сесіі пацверджаны сертыфікатамі.

Фотогалерея: