З 19 па 23 кастрычніка прайшло павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Удасканаленне прадметна-метадычных кампетэнцый настаўніка беларускай мовы і літаратуры ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу”. Праграма была пабудавана так, каб спалучаць тэорыю з практыкай: лекцыі, практычныя заняткі, круглыя сталы, дыскусіі і дзелавыя гульні.
Значная ўвага была адведзена непасрэдна методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры. Настаўнікі працавалі з тэхналогіяй праблемнага навучання, разглядалі сучасныя лінгваметадычныя падыходы ў сістэме кампетэнтнаснага навучання, аналізавалі літаратурны твор і прыёмы працы з тэкстам, абмяркоўвалі методыку навучання сачыненням і арганізацыю праектнай і даследчай дзейнасці вучняў. Акрамя таго, педагогі пазнаёміліся з магчымасцямі выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе і з сучаснымі падыходамі да арганізацыі ўрока як варыяцыйнай формы вучэбнай дзейнасці. Заняткі праводзілі выкладчыкі кафедры педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык і менеджменту адукацыі інстытута.
.jpg)
Слухачы наведалі ДУА «Гімназія №8 г.Віцебска». Першым пунктам маршруту стала аглядавая экскурсія, на якой юныя экскурсаводы прадставілі лакацыі ўстановы. Вера Мікалаеўна Судакова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, расказала пра напрамкі, па якіх працуюць вучні гімназіі. Яна прадставіла праект “Віцебск знаёмы і незнаёмы”, паэтычны батл “Вянок роднай мовы”, а таксама чэлендж “Белорусы не говорят. Беларусы кажуць”. Любоў Яўгенаўна Лукашэнка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, засяродзіла ўвагу слухачоў на выхаваўчым патэнцыяле літаратурных твораў. Алена Міхайлаўна Карасевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, правяла майстар-класс “Урок нібы п’еса”, а таксама прадставіла калейдаскоп метадычных ідэй. Сустрэча прайшла ў атмасферы жывой прафесійнай размовы – слухачы задавалі пытанні, дзяліліся ўласнымі знаходкамі і абмяркоўвалі магчымасці прымянення ўбачанага ў сваёй практыцы.
.jpg)
Яшчэ адной яркай падзеяй тыдня стала прэзентацыя кнігі “Самая-самая Беларусь”, якая адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна. Аўтар выдання – вядомы краязнаўца, гісторык і выкладчык Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук Мікалай Васільевіч Півавараў. Ён падзяліўся сваімі глыбокімі ведамі і шчырай любоўю да роднай зямлі, распавёў пра тое, як збіраў матэрыялы, якія гісторыі і факты ўвайшлі ў кнігу.
Гэтыя сустрэчы – яскравы прыклад таго, як важна падтрымліваць і папулярызаваць беларускую культуру і гісторыю, а таксама абменьвацца прафесійным вопытам паміж калегамі. Кніга “Самая-самая Беларусь” і такія мерапрыемствы, як яе прэзентацыя, спрыяюць захаванню нашай спадчыны і перадачы яе будучым пакаленням.
Слухачы таксама наведалі музейную экспазіцыю “Гісторыя развіцця сістэмы адукацыі Віцебшчыны” нашага інстытута.
Тыдзень павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры стаў насычаным і плённым: ён спалучыў глыбокую тэарэтычную падрыхтоўку, практычныя заняткі і сустрэчы з калегамі, што дазволілі педагогам не толькі ўдасканаліць прафесійныя кампетэнцыі, але і абмяняцца вопытам, знайсці новыя ідэі для ўрокаў і натхніцца на далейшую працу.
.jpg)