Ад ідэі да перамогі: арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў

13.10.2026

Сёння адбыліся навучальныя курсы "Падрыхтоўка даследчых прац па беларускай мове і літаратуры" для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.  Дацэнт кафедры педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык і менеджменту адукацыі Святлана Васільеўна Мартынкевіч прапанавала ўдзельнікам семінара актуальны матэрыял пра рацыянальныя формы і шляхі арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў.

Жыва абмяркоўваліся эфектыўныя методыкі развіцця крытычнага мыслення і магчымасці фарміравання даследчых кампетэнцый навучэнцаў ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу. Настаўнікам былі прапанаваны практычныя матэрыялы адносна этапаў правядзення навуковага даследавання. Цікавасць выклікала інфармацыя пра стратэгіі збору фактычнага матэрыялу. Слухачы абмеркавалі асноўныя патрабаванні да афармлення конкурсных даследчых работ, крытэрыі іх ацэнкі. Шмат увагі ўдзялялася аналізу недахопаў вучнёўскіх прац папярэдніх даследчых конкурсаў, умовам якаснай прэзентацыі атрыманых навуковых вынікаў.

Святлана Васільеўна заахвочвала настаўнікаў смялей дачыняцца да свету філалагічнай навукі, уключацца ў бясконцы працэс пазнання літаратурных і моўных таямніц і зрабіць сваё, хоць і невялікае, але арыгінальнае адкрыццё!

Усе ўдзельнікі адзначылі практычную значнасць, даступнасць і актуальнасць прадстаўленых на семінары матэрыялаў.