З 11 па 15 мая прайшло павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры «Удасканаленне прадметна-метадычных кампетэнцый настаўніка беларускай мовы і літаратуры ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу». Навучанне было насычаным: лекцыі чаргаваліся з практычнымі заняткамі, круглымі сталамі, дыскусіямі і дзелавымі гульнямі. Заняткі праводзілі выкладчыкі кафедры педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык і менеджменту адукацыі.
Слухачы павышэння кваліфікацыі разгледзелі ўрок як варыятыўную форму арганізацыі вучэбнай дзейнасці, прааналізавалі розныя тыпы заняткаў. Важнае месца занялі тэмы псіхалагічнай культуры, падтрымкі вучняў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, а таксама забеспячэння бяспекі адукацыйнага працэсу. Педагогі разгледзелі канцэптуальныя асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы і сучасныя падыходы да патрыятычнага выхавання. Асаблівая ўвага была нададзена фарміраванню інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагогаў.

Марына Сяргееўна Злотнікава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №47 г.Віцебска імя Я.Ф.Іваноўскага», падзялілася з калегамі практычнымі напрацоўкамі ў галіне сучасных лінгваметадычных падыходаў. Настаўнікі наведалі адкрыты ўрок па беларускай мове ў X класе з прымяненнем сучасных тэхналогій і актыўных формаў работы. Асаблівую цікавасць выклікаў майстар-клас па прымяненні інтэрактыўных метадаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Слухачы не толькі пазнаёміліся з тэорыяй інтэрактыўнага навучання, але і практычна ўжылі атрыманыя веды, абмяняліся вопытам з калегамі і атрымалі канкрэтныя рэкамендацыі па ўкараненні новых метадаў у сваю педагагічную дзейнасць.
.jpg)
У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылася ўнікальная сустрэча. Перад педагогамі выступіла Вера Міцкевіч – унучка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Яна прачытала лекцыю пад назвай «Якуб Колас: Род. Радавод. Нашчадкі. Народ». Слухачы павышэння кваліфікацыі мелі магчымасць паглыбіцца ў жыццёвы і творчы шлях класіка, даведацца невядомыя факты з гісторыі яго сям’і і ўбачыць класічную літаратуру праз прызму асабістых успамінаў нашчадкаў. «Гэта сустрэча натхніла нас на новыя ідэі і дазволіла адчуць асабістую сувязь з вялікай спадчынай Якуба Коласа», – падзяліліся ўражаннямі педагогі.
.jpg)
Настаўнікі не толькі паглыбілі веды ў галіне сучасных метадык і псіхалогіі адукацыі, але і атрымалі магчымасць пазнаёміцца з практычным вопытам калег, а таксама далучыцца да культурнай спадчыны праз сустрэчу з нашчадкамі Якуба Коласа. Высокія вынікі выніковай атэстацыі сведчаць аб гатоўнасці педагогаў прымяняць атрыманыя кампетэнцыі ў сваёй прафесійнай дзейнасці.
.jpg)