З 30 сакавіка па 3 красавіка настаўнікі беларускай мовы і літаратуры мелі цудоўную магчымасць паглыбіць свае веды і асвоіць новыя прафесійныя навыкі ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі «Удасканаленне прадметна-метадычных кампетэнцый настаўніка беларускай мовы і літаратуры ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу». Праграма ахапіла шырокі спектр актуальных пытанняў, якія дапамогуць настаўнікам яшчэ больш эфектыўна працаваць з вучнямі і спрыяць захаванню і развіццю роднай мовы і культуры.
Дацэнт кафедры педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык і менеджменту адукацыі інстытута Святлана Васільеўна Мартынкевіч на занятках асаблівую ўвага надала сучасным метадам выкладання беларускай мовы і літаратуры ў кантэксце патрабаванняў новага адукацыйнага стандарту агульнай сярэдняй адукацыі. Слухачы практычна апрабавалі выкарыстанне кампетэнтнасна-арыентаваных метадаў і прыёмаў у структуры сучаснага ўрока. Разам з гэтым асаблівая ўвага ўдзялялася выхаваўчаму патэнцыялу вучэбных заняткаў.
Таццяна Мікалаеўна Бярговіна, старшы выкладчык кафедры інстытута, дапамагла слухачам засвоіць новыя падыходы да аналізу літаратурных твораў, пазнаёміла з практычным прымяненнем тэхналогіі праблемнага навучання беларускай мове і літаратуры.
На практычных занятках, праведзеных старшымі выкладчыкамі кафедры інстытута Аленай Віктараўнай Бабіч і Вольгай Уладзіміраўнай Кавалёвай, педагогі пашырылі свае веды ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, што дазволіць ім больш актыўна выкарыстоўваць сучасныя сродкі ў навучанні і развіваць інфармацыйную кампетэнтнасць вучняў.
На павышэнні кваліфікацыі былі разгледжаны таксама важныя пытанні арганізацыі навучання вучняў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі і забеспячэння бяспекі адукацыйнага працэсу. Дзякуючы Ірыне Мікалаеўне Селязнёвай, загадчыку кафедры, і Вользе Генадзьеўне Валошчанка, старшаму выкладчыку кафедры інстытута, настаўнікі атрымалі адказы на пытанні па дадзеных тэмах.

Слухачы наведалі ДУА «Сярэдняя школа №14 г.Віцебска імя З.А.Касмадзям’янскай». На практычных занятках «Тэарэтычная і практычная граматыка беларускай мовы як аснова фарміравання лінгвістычнай кампетэнцыі настаўніка», праведзеных намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Люсьенай Аркадзьеўнай Стараннік, педагогі прынялі актыўны ўдзел у гульнях, даследчых практыкаваннях, творчых заданнях. Асобны этап заняткаў быў прысвечаны фарміраванню ў вучняў навыкаў функцыянальнай адукаванасці. Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікала выстава «Год беларускай жанчыны», падрыхтаваная творчай групай настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школы. Увазе калег таксама была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя «Жывая класіка 14-й школы».

Падчас павышэння кваліфікацыі настаўнікі прынялі ўдзел у творчай сустрэчы, прымеркаванай да 105-годдзя выдавецтва «Беларусь». У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна гучалі шчырыя словы пра важнасць захавання і развіцця беларускай мовы ад дырэктара выдавецтва, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча, а выступленні пісьменніц Іны Фраловай і Галіны Загурскай былі напоўнены лірызмам і любоўю да роднай мовы. На выставе можна было не толькі пазнаёміцца з навінкамі, але і набыць іх. Гэта было сапраўдным святам для аматараў беларускага слова.
.jpg)
Педагогі адзначылі, што атрыманыя веды і навыкі дапамогуць зрабіць урокі больш цікавымі, інтэрактыўнымі і эфектыўнымі.
