З 23 лютага па 20 сакавіка для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры прайшло павышэнне кваліфікацыі “Сучасныя падыходы да ўдасканалення прафесійнай кампетэнцыі настаўніка беларускай мовы і літаратуры”.
Праграма павышэння кваліфікацыі распрацавана з улікам сучасных тэндэнцый у адукацыі і патрэб педагогаў. Яна ахоплівае шэраг важных тэм, накіраваных на паляпшэнне якасці выкладання, авалоданне новымі метадычнымі падыходамі і актыўнае ўкараненне сучасных адукацыйных тэхналогій.
Вопытныя выкладчыкі, якія праводзілі заняткі, падзяліліся не толькі тэарэтычнымі ведамі, але і багатым практычным вопытам, што дазволіла слухачам атрымаць канкрэтныя інструменты для ўкаранення новых падыходаў у сваёй штодзённай працы.

Асаблівую зацікаўленасць слухачоў прыцягнула тэма выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе. Практычныя заняткі, праведзеныя старшым выкладчыкам кафедры педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык і менеджменту адукацыі Аленай Віктараўнай Бабіч, дазволілі настаўнікам авалодаць новымі інструментамі, якія спрыяюць павышэнню эфектыўнасці навучання і развіццю крытычнага мыслення вучняў. Настаўнікі атрымалі практычныя рэкамендацыі па выкарыстанні гэтых інструментаў, што дазволіць ім творча падыходзіць да арганізацыі ўрокаў.
Вопытам работы па арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці ў працэсе навучання беларускай мовы і літаратуры падзялілася Алена Міхайлаўна Карасевіч, настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Гімназія №8 г.Віцебска”. Удзельнікі атрымалі метадычныя матэрыялы і навыкі, неабходныя для правядзення дынамічных і эфектыўных урокаў, развіцця творчых здольнасцей і самастойнасці вучняў.
Педагогі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі павышэння кваліфікацыі, разнастайнасць тэматыкі і магчымасць атрымаць актуальную інфармацыю, якая адпавядае сучасным патрабаванням адукацыйнай сферы.
