Дыялог навукі і практыкі

20.09.2024

Сталі добрай традыцыяй навуковыя сустрэчы выкладчыкаў кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

На гэты раз дацэнт кафедры Святлана Васільеўна Мартынкевіч была запрошана да ўдзелу ў Міжнароднай навуковай канферэнцыі “ХІV Танкаўскія чытанні”, якая адбылася 20 верасня 2024 года. Навуковае мерапрыемства, прымеркаванае да Году якасці і 110-годдзя БДПУ, аб’яднала як навуковых дзеячаў, так і практыкаў галіны адукацыі.

Даклад Святланы Васільеўны “Функцыянальная адукаванасць як мэтавы арыенцір літаратурнай адукацыі” быў уключаны ў пленарнае пасяджэнне навуковай канферэнцыі. Навукоўца распавяла пра змены адукацыйнай парадыгмы,  праблемы філалагічнай адукацыі, мэтавыя арыенціры працэсу навучання і адукацыйныя выклікі на сучасным этапе развіцця грамадства. З вялікай цікавасцю ўспрымалася інфармацыя пра асаблівасці працэсу фарміравання функцыянальнай адукаванасці, метадычныя падыходы да развіцця чытацкай адукаванасці. Жыва абмяркоўваліся вучонымі і калегамі-практыкамі методыкі  фарміравання свядомага, творчага чытача ў сучаснай адукацыйнай прасторы,  прапанаваныя С.В. Мартынкевіч.

Пры развітанні гаспадары Міжнароднай навуковай канферэнцыі “ХІV Танкаўскія чытанні” шчыра падзякавалі Святлане Васільеўне і выказалі спадзяванні на хуткую сустрэчу ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.