Дыктант на роднай мове пішам разам!

21.02.2024

Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень – нагода яшчэ раз заахвоціць да выкарыстання роднай мовы, мовы нацыянальнай, бо яна – унікальная спадчына, носьбіт ведаў пра народ.

У мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, якія ладзіліся ў ДУА “Гімназія №1 г. Віцебска імя Ж.І. Алфёрава”, брала ўдзел дацэнт кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі Святлана Васільеўна Мартынкевіч. Задума кіраўніцтва гімназіі запрасіць праводзіць дыктант навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў ужо стала добрай традыцыяй.

Агульны дыктант “Пішам па-беларуску разам” праходзіў на першым уроку. Таму ўдзел у акцыі для Святланы Васільеўны пачаўся ўжо тады, калі яна загадзя падрыхтавала відэазапісы, каб стварыць магчымасць адначасова пісаць дыктант ўсім вучням гімназіі. А непасрэднае знаёмства ў гэты дзень са Святланай Васільеўнай як суаўтарам школьных падручнікаў па беларускай мове выклікала асаблівую цікавасць у вучняў. Яны з увагай слухалі яе даступны расповед пра стракатую моўную палітру свету, традыцыі святкавання дня роднай мовы, бязмежны патэнцыял беларускай мовы.

У сучасным свеце, які патанае ў інфармацыі, дачыніцца да роднага слова – найвялікшая асалода. А жывое суразмоўе, новыя знаёмствы ў такі дзень асабліва запамінальныя!