Новы крок у пазнанні свету

28.11.2023

Які ён – выпускнік ХХІ стагоддзя? Дасведчаны і сацыяльна актыўны, грамадзянін і патрыёт сваёй краіны, адукаваны, а ў будучым – канкурэнтаздольны спецыяліст, які зможа будаваць сваю дзейнасць і камунікацыю ў розных сферах жыцця. Таму на сучасным этапе развіцця адукацыі адна з задач лінгваметадычнай навукі – стварыць спецыяльныя ўмовы для развіцця звязнага маўлення вучняў. У згаданым адукацыйным кантэксце сачыненне набывае асаблівую актуальнасць.

28 лістапада 2023 года ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшлі навучальныя курсы (тэматычны семінар) «Сачыненне як творчая праца ў сістэме падрыхтоўкі вучняў да выніковай атэстацыі». Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Віцебскай вобласці і горада Віцебска разам з дацэнтам кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі Святланай Васільеўнай Мартынкевіч разгледзелі асаблівасці падрыхтоўкі і напісання сачыненняў розных відаў. Вызначэнне ўмоў паспяховасці творчай працы адбывалася з праекцыяй на вопыт вучняў, бо сачыненне патрабуе ўменняў удумацца ў тэму, адабраць матэрыял і выказваць свае думкі, абгрунтоўваючы ўласную пазіцыю.

Элементы майстар-класа з прэзентацыяй алгарытму мадэлявання сачыненняў розных відаў дазволілі настаўнікам практычна апрабаваць разнастайныя метадычныя прыёмы стварэння тэкстаў. Педагогі атрымалі канкрэтныя лінгваметадычныя рэкамендацыі, накіраваныя на ўдасканаленне іх прафесійных кампетэнцый. А разам з гэтым прыйшлі да высновы, што сачыненне як творчая праца павышае чытацкую адукаванаць вучняў, развівае іх творчы патэнцыял, а самае галоўнае – падымае на новую прыступку самастойнага пазнання свету.

Фотогалерея: