Спасцігаць таямніцы навукі

25.09.2023

25 верасня 2023 года адбыліся навучальныя курсы (тэматычны семінар) “Тэхналогіі падрыхтоўкі прац навукова-даследчага характару па беларускай мове і літаратуры” для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Дацэнт кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі Святлана Васільеўна Мартынкевіч прапанавала ўдзельнікам семінара актуальны матэрыял пра рацыянальныя формы і шляхі арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці вучняў. Цікава і жыва абмяркоўваліся эфектыўныя методыкі развіцця крытычнага мыслення і магчымасці фарміравання даследчых кампетэнцый вучняў ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу.

Настаўнікам былі прапанаваны практычныя матэрыялы адносна этапаў правядзення навуковага даследавання. Цікавасць выклікала інфармацыя пра стратэгіі збору фактычнага матэрыялу, умовы якаснай прэзентацыі атрыманых навуковых вынікаў. Педагогі абмеркавалі асноўныя патрабаванні да афармлення конкурсных даследчых работ, крытэрыі іх ацэнкі. С.В. Мартынкевіч заахвочвала настаўнікаў смялей дачыняцца да свету філалагічнай навукі, уключацца ў бясконцы працэс пазнання літаратурных і моўных таямніц і разам з вучнямі зрабіць сваё, хоць і невялікае, але арыгінальнае адкрыццё.

Усе ўдзельнікі адзначылі практычную накіраванасць, даступнасць і актуальнасць прадстаўленых на семінары матэрыялаў.

Фотогалерея: