АКТУАЛЬНАСЦЬ_ВОПЫТ_СТРАТЭГІЯ_ АДУКАЦЫЙНА-ВЫХАВАЎЧАЯ МАДЭЛЬ

09.12.2021

“Актуальнасць_Вопыт_Стратэгія_Адукацыйна-выхаваўчая мадэль”, — такую ацэнку пакінула адна са слухачак тэматычнага семінара для настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. Цікава? Канешне, бо хочацца даведацца, чыю дзейнасць ацэньвалі, калі, хто і чаму. Раскажам з задавальненнем.

9 снежня 2021 года, якраз на дзень нараджэння Максіма Багдановіча, мастака-майстра прыгожага пісьменства, праведзены навучальныя курсы (анлайн-семінар) ”Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу твораў беларускай літаратуры на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай рабоце“ для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Са слухачамі (а іх было 32) працаваў Яўген Валер’евіч ЕСІС, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 16 г.Мазыра (Гомельская вобласць). Практычныя заняткі распачаліся абмеркаваннем актуальнасці выхавання на ўроках беларускай літаратуры сродкамі вучэбнага прадмета: асобамі пісьменнікаў, іх жыццём і творчасцю, лёсамі, зместам твораў, а таксама асобай выкладчыка, настаўніка роднай мовы і літаратуры. Далей Яўген Валер’евіч прапанаваў для разгляду і аналізу асабістую адукацыйна-выхаваўчую мадэль вывучэння творчасці У.Караткевіча ў V-VIII класах.

Мерапрыемства атрымала высокую ацэнку. Запрашаем на нашы семінары ўсіх зацікаўленых!

Паўсцяная Вольга Леанідаўна, куратар семінара