Пра якія практычныя аспекты выкладання беларускай мовы даведаліся слухачы павышэння кваліфікацыі

05.03.2021

Напярэдадні самага прыгожага вясновага свята Восьмага сакавіка закончылася павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі «Практычныя аспекты выкладання беларускай мовы».

Актуальнасць праграмы заключаецца ў практычнай накіраванасці яе зместу, які складаецца з двух модуляў — «Сацыяльна-філасофскія і псіхолага-педагагічныя аспекты актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў» і «Прадметна-метадычныя аспекты выкладання беларускай мовы». Стан педагагічнай сістэмы, навукова-тэарэтычныя праблемы арганізацыі адукацыйнага працэсу асвятлялі выкладчыкі кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі інстытута Бахмат А.М., Грыгор’ева М.А., Селязнёва І.М., Смірнова А.А.

Практычныя заняткі з актыўнымі формамі навучання дазволілі педагогам засвоіць метады рэфлексіўнага аналізу асабістай прафесійнай дзейнасці, фармулявання, ранжыравання і генералізацыі праблем у дзейнасці (праекты, праграмы, тэхналагічныя мадэлі, методыкі, інструкцыі, сцэнарыі), узбагацілі метадычную скарбонку прыёмамі фарміравання і развіцця ў вучняў інтэлектуальных, крэатыўных здольнасцей, камунікатыўнай культуры сродкамі вучэбнага прадмета «Беларуская мова». Настаўнікі-практыкі Жанна Леанідаўна Бераснякова (ДУА «Коханаўская сярэдняя школа імя І.П. Кожара Талачынскага раёна») падзялілася сваім вопытам у інфармацыйна-тэхналагічным забеспячэнні працэсу навучання на ўроках беларускай мовы;

Ірына Мікалаеўна Арлова (ДУА «Бабініцкая сярэдняя школа Аршанскага раёна») прадэманстравала эфектыўную сістэму метадаў і прыёмаў для павышэння актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў.

Слухачы групы ПК-74 адзначылі практычную накіраванасць тыднёвага курса, насычанасць і актуальнасць iнфармацыі, прадстаўленую магчымасць суразмоўніцтва і абмеркавання злабадзённых прадметна-метадычных пытанняў.