Ад навукі да практыкі: пра павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

29.10.2019

У дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі дарослых “Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі” завяршылася чарговае павышэнне кваліфікацыі “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры” (21.10. – 26.10.2019). Згодна з вучэбна-тэматычным планам і раскладам заняткаў, адбылося наведванне літаратурнага музея ВДУ імя П.М.Машэрава і гімназіі №4 г.Віцебска. На лекцыях і практычных занятках са слухачамі працавалі выкладчыкі кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі ВАІРА, дацэнты ВДУ імя П.М.Машэрава В.І.Русілка і Г.К.Семянькова, настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце УА “Полацкая дзяржаўная гімназія №1” А.У.Казлова, адміністрацыя і настаўнікі ДУА “Гімназія №4 г.Віцебска”.

Вольга Іванаўна Русілка творча і натхнёна правяла экскурсію па літаратурным музеі, узбагаціла веды слухачоў пра біяграфіі і творчасць сучасных беларускіх пісьменнікаў, пісьменнікаў-землякоў.

Галіна Канстанцінаўна Семянькова на занятках па складаных і дыскусійных пытаннях сучаснай беларускай мовы прапанавала настаўнікам багаты дыдактычны матэрыял па тэмах “Марфеміка”, “Словаўтварэнне”.

Алена Уладзіміраўна Казлова пазнаёміла з уласнай методыкай арганізацыі работы над памылкамі на ўроках беларускай мовы, уключыўшы слухачоў у мэтанакіраванае руплівае ўзаемадзеянне, прадставіла вопыт сваёй педагагічнай дзейнасці ў дапаможніку для настаўнікаў “Карэкцыйная работа на ўроках беларускай мовы”.

Самыя моцныя ўражанні ў слухачоў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры засталіся пасля наведвання ДУА “Гімназія №4 г.Віцебска”, дзе праводзіліся заняткі па тэмах “Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў па беларускай мове і літаратуры”, “Фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў пры навучанні беларускай мове”.

 

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ўстановы адукацыі Любоў Уладзіміраўна Куль (настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі) і Кацярына Аляксандраўна Жбанкова (настаўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі) правялі адкрытыя ўрокі ў V і VIII класе адпаведна.

Дзелавая гульня, якую правяла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Таццяна Мар’янаўна Даргель, павысіла прафесійную кампетэнцыю настаўнікаў праз выкарыстанне мэтаў з праграмы па ўстойлівым развіцці на ўроках беларускай літаратуры.

Майстар-класы па адраджэнні народных традыцый “Дакрануцца да мастацтва” і выступленне ансамбля цымбалістаў стварылі добразычлівую атмасферу і спрыялі пазітыўнай рабоце на занятках.

Слухачы павышэння кваліфікацыі далі станоўчую ацэнку праведзеным заняткам, падкрэслілі іх практычную накіраванасць.