Інфармацыя аб правядзенні абласнога педагагічнага клуба дашкольных работнікаў «Праблемы. Пошукі. Знаходкі»

29.05.2019

21 мая 2019 года на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылося пасяджэнне абласнога педагагічнага клуба дашкольных работнікаў “Праблемы. Пошукі. Знаходкі” па тэме “Не забывай мелодыю роднай мовы”. У рабоце клуба прынялі ўдзел 68 педагогаў з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці.
У рамках пасяджэння клуба адбылася прэзентацыя работы вучэбна-метадычных кабінетаў Глыбоцкага, Лёзненскага, Першамайскага, Чашніцкага раёнаў па тэме “Сучасныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі”.
Праграмай пасяджэння клуба было прадугледжана правядзенне рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага фестывалю педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”, у якім прынялі ўдзел 25 педагогаў з асабістай ці калектыўнай распрацоўкай тэматычнага тыдня і метадычнай распрацоўкай па арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі. На рэспубліканскім этапе Віцебскую вобласць будуць прадстаўляць творчыя педагогі з Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Лепельскага, Полацкага, Ушацкага раёнаў, горада Наваполацка.
Вялікую цікавасць удзельнікаў клуба выклікала выстава-прэзентацыя аўтарскіх гульнявых дапаможнікаў па адукацыйнай вобласці “Развiццё беларускага маўлення і культура маўленчых зносін”. Разнастайнасць прапанаваных матэрыялаў – добрая нагода звярнуцца да эфектыўных сродкаў навучання, убачыць праз прызму практыкі магчымасці пашырэння выкарыстання роднай мовы ва ўстанове дашкольнай адукацыі.
Выказваем удзячнасць усім удзельнікам пасяджэння клуба “Праблемы. Пошукі. Знаходкі”. Жадаем Вам, паважаныя калегі, новых творчых перамог, педагагічных знаходак і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва і сатворчасць.

З павагай, аддзел дашкольнай адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.