Віцебскі абласны дыстанцыйны турнір для вучняў V–VII класаў у гонар кандыдата філалагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Арцямёнка Генадзя Антонавіча

21.02.2023

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы адбудзецца дыстанцыйная алімпіяда для вучняў V–VII класаў у гонар кандыдата філалагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Арцямёнка Генадзя Антонавіча. Слынны мовазнаўца шмат часу прысвяціў развіццю алімпіяднага руху на Віцебшчыне і ў Рэспубліцы Беларусь, распрацаваў вялікую колькасць карысных навуковых дапаможнікаў, слоўнікаў і метадычных распрацовак. Памяць аб ім захоўваецца ў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, былых студэнтаў філалагічнага факультэта і ў цяперашніх вучнях, што спасцігаюць беларускае слова.

Арганізатарам алімпіяды выступае дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых “Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі”. Мэта алімпіяды – садзейнічаць развіццю інтэлектуальных здольнасцей вучняў пры асваенні беларускай мовы і літаратуры, стымуляваць самастойную творчую дзейнасць вучняў у межах конкурсных мерапрыемстваў. Алімпіяду можна выканаць толькі адзін раз для аднаго вучня з аднаго камп’ютара. Час выканання заданняў алімпіяды абмежаваны – 2 гадзіны. Пасля гэтага заданні аўтаматычна знікнуць. Выкананне заданняў алімпіяды будуць правярацца толькі пры наяўнасці поўнай рэгістрацыі вучня (прозвішча, імя, клас, поўная назва ўстановы адукацыі, прозвішча, імя і імя па бацьку настаўніка). Рэгістрацыя адбываецца ў час выканання заданняў алімпіяды. Сэрвіс адсочвае ІР-адрасы кожнага ўдзельніка. Калі праграма пакажа, што з аднаго ІР-адраса было даслана некалькі адказаў на адно і тое ж імя або пад рознымі імёнамі – вынікі ўсіх удзельнікаў будуць ануляваны.

Пераможцы алімпіяды ўзнагароджваюцца дыпломамі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.