Адбыўся семінар для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры як адзін з асноўных накірункаў у рабоце з адоранымі вучнямі”

12.11.2019

Прадметныя алімпіяды — гэта складаная штодзённая праца, па выніковасці якой мяркуюць пра якасць работы настаўніка, школы, раёна, вобласці. У Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі сістэматычна праходзяць навучальныя курсы (тэматычныя семінары), творчыя сустрэчы з высокакваліфікаванымі спецыялістамі, якія займаюцца пытаннямі працы з інтэлектуальна адоранай моладдзю ў Рэспубліцы Беларусь.

Так, 4 лістапада 2019 года ў ВАІРА прайшоў семінар для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры як адзін з асноўных накірункаў у рабоце з адоранымі вучнямі”. Адкрыла семінар Марына Уладзіміраўна Бабашынская, прарэктар па навукова-метадычнай работе інстытута, якая вызначыла шляхі рэалізацыі Канцэпцыі выяўлення, развіцця, прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі.

Да педагогаў Віцебшчыны ў чарговы раз завітаў Уладзімір Іванавіч Куліковіч, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, арганізатар і распрацоўшчык штогадовых алімпіяд, аўтар шэрагу кніг і дапаможнікаў па беларускай мове. Падчас лінгвістычных заняткаў навукоўца расказаў пра новыя метады падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, прэзентаваў некалькі сваіх кніг.

Найбольшую цікавасць настаўнікаў выклікала трэцяе выданне кнігі «Дзённік алімпіёніка», у якім сабрана амаль паўтары тысячы творчых заданняў па розных раздзелах лінгвістыкі і літаратуры. Задача гэтай кнігі – дапамагчы вучням падрыхтавацца найперш да комплекснага выпрабавання, якое ўключае разнастайныя матэрыялы. Уладзімір Іванавіч арганізаваў работу па нязвыклых для моваведаў заданнях, якія дапамогуць эфектыўна падрыхтаваць вучняў да алімпіяды, дазволяць пашырыць кругагляд як настаўнікаў, так і вучняў. Цудоўным бонусам для слухачоў семінара сталі адказы і разгорнутыя каментарыі да кожнага задання (яны адсутнічаюць у выданні) і жартоўныя “паэтычныя хвілінкі” кандыдата філалагічных навук.

Бясспрэчна, менавіта такія сустрэчы дазваляюць настаўнікам удасканальваць уласную педагагічную кампетэнтнасць пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Рыма Іосіфаўна Бабашка,

метадыст цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі вучнямі